Каля васьмі соцень высокапастаўленых афіцэраў амерыканскай арміі сабраліся на базе марской пяхоты ў штаце Вірджынія, каб выслухаць лекцыю прэзідэнта Дональда Трампа і цяперашняга кіраўніка Пентагона Піта Хегсэта. Абодва прадставілі сябе як лідары новай «вайны за краіну», у якой галоўным ворагам абвяшчаюцца «каштоўнасці культуры woke». Іх мэтай названа вяртанне да «этыкі ваяра» і поўная «дэідэалагізацыя» Узброеных сілаў США.
Піт Хегсэт, які цяпер афіцына з'яўляецца міністрам вайны, адкрыта абрынуўся на «палітычную карэктнасць», «месяцы культурнай асвечанасці», «мушчын у спадніцах» і іншыя «гендарныя ілюзіі». Паводле амерыканскага міністра вайны, армія павінна быць «ачышчана ад ідэалагічнага смецця» і працаваць паводле «адзіных, гендарна нейтральных стандартаў». «Ніякага разгойдвання лодкі!» — гэтымі словамі паплечнік Трампа завяршыў сваю палымяную прамову.
У тым жа духу выступіў і Дональд Трамп. Амерыканскі лідар паспеў выказаць расчараванне ў дзеяннях Уладзіміра Пуціна («не здолеў захапіць Украіну»), абазначыць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да ХАМАС і нават паабяцаў «адрадзіць баявыя лінкоры». Аднак за эфектнай рыторыкай хаваецца выразны палітычны разлік.
«Форум генералаў», як ужо ахрысцілі сустрэчу, стаў часткай унутранай барацьбы за перадзел улады ў Вашынгтоне. Дональд Трамп і яго атачэнне спрабуюць прадставіць сябе адзінымі абаронцамі «справядлівай Амерыкі», а ўсіх, хто выступае за інклюзіўнасць і правы меншасцяў, — як пагрозу нацыянальнай бяспецы. За абяцаннем «ачысціць дзяржапарат ад ідэалогіі» стаіць іншая мэта: ператварыць салдата не ў «абаронцу каштоўнасцяў», а ў інструмент рэалізацыі жорсткіх геапалітычных інтарэсаў ЗША.
Ідэалагічны пасыл сустрэчы быў скіраваны не толькі да амерыканскіх афіцэраў, але і да міжнароднай супольнасці. Паводле новай дактрыны, у постліберальным свеце больш няма месца для «гуманістычных эксперыментаў». Настаў час «цвёрдага рэалізму»: армія павінна не «выкладваць урокі талерантнасці», а рыхтавацца да наступнай вайны. Як сказаў Хегсэт: «Нашая місія — весці бой, рыхтавацца да вайны і перамагаць. Не з любові да вайны, а з любові да міру».
Такім чынам, Трамп імкнецца стаць лідарам глабальнай антыліберальнай хвалі. І сёння сапраўды цяжка знайсці моцнага палітычнага актора, які прапанаваў бы альтэрнатыўную мадэль будучага свету. Усе вялікія гульцы — ЗША, Еўропа, Расія, Кітай — ужо раскладваюць геапалітычныя фігуры, рыхтуючыся да новага перадзелу. Але чым скончыцца гэтая гульня, не ведае ніхто.
Адно ясна: перадусім знішчаюцца тыя каштоўнасці, што перашкаджаюць канфлікту. А канфлікт, як заўсёды, азначае «кроў, пот і слёзы».
Леон Піньчак, аналітык па бяспецы і ўсходніх справах Polityka Insight